Член прафсаюза работнікаў АПК Тэрэза Млыноўская з КСУП “Гудагай” з дзяцінства ведае, што такое ферма

Прыгожая ўсмешлівая жанчына – падумалася пры сустрэчы з памочнікам начальніка кярнянскага комплексу. А яшчэ – і працавітая! Па ўспамінах Тэрэзы, яна, лічы, выгадавалася на ферме ў Бабраўніках, дзе маці працавала даяркай.

Жанчына прызнаецца, што ў дзяцінстве любімым заняткам было лічэнне, асабліва грошай. Старонкі з купленых да школы сшыткаў Тэрэза разразала на «рублі». Праўда, калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, у бухгалтары не пайшла.

– Пасля Варнянскай сярэдняй школы паступіла ў тагачасны Ільянскі саўгастэхнікум на заатэхніка. У наш час прафесіі сельгаспрофілю, асабліва жы­вё­ла­гадоўлі, лічыліся прэс­тыж­­нымі. Першую практыку пра­ходзіла менавіта тут – даўней гэта была ферма. Пасля вучобы прыйшла праца­ваць на МТФ «Бабраўнікі», якой загадваў Іван Ігнатавіч Бразевіч, – узгадвае першыя крокі ў прафесію жанчына. – Выйшла замуж, пераехалі ў Валэйкуны, пайшлі дзеткі… Калі мужу праўленне варнянскай гаспадаркі выдзеліла жыллё, пераехалі ў Варняны. На мясцовай ферме была памоч­нікам загадчыка, потым не працавала – даглядала ляжачую маму.  У жыцці былі розныя выпадкі і складанасці, але з жывёлагадоўляй надоўга не развітвалася. У 2021 годзе вярнулася на комплекс у Кярняны, які праз год адышоў пад КСУП «Гудагай». З нядаўняга часу памочнік начальніка. Наш калектыў пабольшаў удвая: сюды перавялі дойных кароў і, зразумела, частку работнікаў з малочна-таварнай фермы «Кялёйці». Перажывала, як складуцца адносіны, ці знойдзем агульную мову – але дарэмна: мы як адна вялікая сям’я.

Дарэчы сказаць, многія блізкія жанчыны працуюць у сельскай гаспадарцы: брат, муж, сын.

– Казімір 40 гадоў шчыраваў у «Варнянах» трактарыстам, з якіх 20 – штолета на камбайне. Муж хоць і пайшоў на ільготную пенсію, але працуе вартаўніком на механічных майстэрнях. Відаць, бацькава любоў да тэхнікі перадалася сыну. Уладзік механізатар: і ўраджай убірае, і сянаж нарыхтоўвае – хоць малады, але справу ведае. І любіць вясковае жыццё. З жонкай гадуюць дзетак, трымаюць гаспадарку. А вось Маша больш гарадская, хоць з дачушкай яны пакуль жывуць з намі, – расказвае жанчына. – Часцей бы толькі разам збірацца: сям’я і блізкія – самае важнае ў жыцці, тым больш што я ўжо тройчы бабуля. (Усміхаецца.)

Текст и фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты “Астравецкая праўда