Загадчык зернесклада КСУП “Міхалішкі” Таццяна Яновіч працуе ў сельскай гаспадарцы 34 гады

Усё пра насенне, яго захоўванне і дапрацоўку ведае загадчык Таццяна Яновіч.

– Са мной на складзе пяцёра працаўнікоў. Работы хапае круглы год, праўда, зімой спакайней. Восенню чысцім насенне яравых – павінны зрабіць гэта да канца снежня, каб здаць партыі на праверку ўсходжасці і іншых паказчыкаў у насенную інспекцыю. Ранняй вясной пачынаем пратручваць насенне. Летам падчас жніва дапрацоўваем збожжа і размяркоўваем, што пойдзе ў залік дзяржзаказу, а што – у калгасныя засекі, – расказвае пра работу Таццяна. – Робім камбікорм на ўсе фермы і комплекс. Калі некаторыя напачатку лістапада адпачывалі 4 дні, мы – толькі адзін, у нядзелю. Жывёла галоднай не будзе. (Усміхаецца.)

У адной гаспадарцы, можна лічыць, жанчына 34 гады, палавіну з якіх адпрацавала бухгалтарам, а другую – загадчыкам зернесклада.

– Пасля Ашмянскага сельгастэхнікума накіравалі мяне ў Завідзіненты. Тагачасны старшыня калгаса «Зара» Міхаіл Рыгоравіч Жураўлёў добра прыняў мяне. Кватаравала ў мясцовай бабулі, – успамінае Таццяна. – Пасля замужжа пераехалі на радзіму мужа ў вёску Лылойці, што на Смаргоншчыне. Адтуль штодзень на веласіпедзе 5 кіламетраў едзіла на работу ў Завідзіненты.

Пасля далучэння калгаса да «Міхалішак» жанчына з дзецьмі пераехала ў аднайменны аграгарадок.

– Шафарэвіч даў дом пры ўмове, што пайду загадчыкам на зернесклад. Выбіраць не даводзілася, – з усмешкай працягвае суразмоўца. – Лёс паслаў мне талковага працавітага чалавека. З Іосіфам душа ў душу жывём 20 гадоў. Дзеці яго прынялі як роднага. Памятаю, сыну веласіпед паабяцала, а муж купіў абодвум. Ці мандарыны недзе даставаў, калі магазінныя паліцы былі пустымі.

Таццяна прызнаецца, што яе захапленне – закруткі на зіму. Памідоры ў жэлаціне, агуркі, кабачкі, кіслая капуста, салянка з грыбамі – паліцы ломяцца ад саленняў-марынадаў у доме.

– Дзеці стварылі свае сем’і. Дачка жыве ў Астраўцы. Сын з нявесткай – з намі. Купілі дом у Варнянах, пакрысе яго адбудоўваюць і абуладкоўваюць. З нявесткай шэсць гадоў жывём душа ў душу. Няма такога, што я ці яна – гаспадыня на кухні. Робім усё разам, асабліва на сямейныя ўрачыстасці, – расказвае жанчына. – Як і большасць вяскоўцаў, да працы прывучаная з дзяцінства. Жыву па сумленні, стараюся не рабіць благога ні чалавеку, ні жывёле – відаць, таму мне і шанцуе на добрых людзей.

 Алёна Ганулич
ostrovets.by