Знаёмцеся з членам прафсаюза работнікаў АПК: шматдзетная маці, гаспадыня, працаўніца Аксана Трыбоцкая

Кожны дзень жанчына прачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Аксана хуценька рыхтуе сняданне на вялікую сям’ю – з ёй гэта 8 чалавек! – і спяшаецца на малочна-таварны комплекс «Рытань», дзе доіць новацельных і хворых кароў.


– Гэтую работу ведаю да драбніц. Здаровых рагуль даіць лягчэй, чым хворых. А цялушкі непа­слухмяныя і нязвыклыя да апарата, здараецца, што і брыкаюцца, – расказвае аператар машыннага даення. – Кароў даю з 14-ці гадоў. Памятаю, раніцай бягу ў школу  здаваць экзамены, а вечарам – на ферму падмяняць бацькоў. Цялушак даўней ланцугамі прывязвалі – у нашай групе было 66 галоў. Пра вучобу нават не заікалася: таты рана не стала, маці адна нас падымала – цяжкія тады часы былі.

На ферме ў Стрыпунах Аксана пазнаёмілася з будучым мужам.

– Віктар спадабаўся з першага погляду: прыгожы, вясёлы, жартамі сыпаў, – успамінае шматдзетная маці. – Нашаму першынцу ўжо 18 гадоў – Валера служыць у Брэсце. Хутка паедзем на прысягу. Ілона ходзіць у 8 клас, Аліса – у 6-ты, Лёша – у 4-ты, Эмілія – у 2-гі, Андрэйка – у садок. Асабліва душа баліць за малодшага. Не раз едзілі да ўрачоў у Гродна і Мінск. Нядаўна сыну паставілі інваліднасць.

Дзесяць гадоў назад Трыбоцкія пераехалі ў Рытань, кіраўніцтва саўгаса выдзеліла маладой сям’і жыллё. А тры гады назад шматдзетная сям’я атрымала кватэру ў райцэнтры.

– Калі бываем у Астраўцы (звычайна наймаем машыну, бо прадуктаў закупіць шмат трэба!), зазіраем у кватэру хоць на паўгадзінкі. Пра пераезд пакуль не задумваліся. Тым больш з намі жыве свякроў – забралі, як яе паралізавала пасля інсульту. Летам маму на калясцы вывозім на вуліцу, а да горада прывыкнуць трэба. У вёсцы, як па мне, лепш. Агарод маем, трымаем свіней. Калі жылі ў Стрыпунах, была і карова, – працягвае жанчына.

Цікаўлюся ў жанчыны, як яна ўсё паспявае.

– Як кожны чалавек, я бываю стомленай ці без настрою, але ўсё знікае, калі дзеці вяртаюцца са школы і садка. Усіх накарміць, падшыць гузік у школьнай форме, кожнага выслухаць – сумаваць няма калі. У юнацтве марыла пра траіх, а Бог даў шасцярых. У 2019 годзе старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін уручыў мне ордэн Маці. Спадзяюся, што сыны і дочкі вырастуць добрымі людзьмі, – сказала Аксана і на хвіліну задумалася. – Я шчаслівая! Усё для гэтага ў мяне ёсць. 

Текст и фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты “Астравецкая праўда