Да юбілею Астраўца: “лясная” гісторыя дынастыі Назаравых

Розныя людзі ў розныя часы будавалі наш Астравец, які непрыкметна і павольна ішоў сваёй дарогай – жыў, развіваўся, прыгажэў. Дзякуючы арганізацыям, якія тут існавалі, працаўнікам, што прыкладвалі для гэтага намаганні, цэлым дынастыям, якія перадавалі любоў да сваёй справы дзецям, унукам, праўнукам…

Дынастыя працаўнікоў Астравецкага лясгаса Аляксандра Назарава пачынаецца з яго бабулі. З як мінімум трох апошніх пакаленняў гэтай сям’і тут каго ні назаві – у «лесніка» пацэліш.

ВАРТАЎНІК 
Бабуля Аляксандра Марыя Іосіфаўна Назарава трапіла ў Астравец ужо ў сталым узросце. Сюды яе з Карэліччыны забрала дачка, якая не хацела, каб маці заставалася адна ў вясковай хаце. Хоць «лясной» адукацыі Марыя Іосіфаўна не мела, уладкавалася ў лясгас – вартаўніком. Пад яе пільным вокам была кантора і невялікі склад на тэрыторыі арганізацыі. Пазней тут пабудавалі  гаражы. З тэхнікі – некалькі трактараў і «газонаў», два ЗІЛы, КамАЗ. Хоць машын было няшмат, аднак усё гэта – дзяржаўная маёмасць, за якую ты адказваеш і без нагляду не пакінеш.

IMG_0794.JPG
…Векавы юбілей адзначыла заснавальніца дынастыі леса­водаў Марыя Іосіфаўна некалькі гадоў таму. І, безу­моўна, ганарыцца, што яе «лясная» справа знайшла працяг у сям’і.

ДЫРЭКТАР
Аляксандр Іванавіч Буй пры­ехаў у Астравецкі лясгас інжы­нерам. За ім адправілася і жонка Ірына Сцяпанаўна, цётка Аляк­санд­ра Назарава.
За плячыма Аляксандра Іва­навіча быў інстытут імя Кірава – «лясная» адукацыя. Працяглы час быў дырэктарам Астравецкага лясгаса. Ён і змяніў на пасадзе першага дырэктара Дашкевіча.
Шмат змен адбылося пры Аляксандры Буі. Так, быў пабудаваны новы цагляны цэх – да гэтага ён быў драўляным. У новым цэху – на месцы сённяшняга брыкеціровачнага – устанавілі дзве новыя піларамы.
Пры ім было арганізавана сумеснае з палякамі прадпрыемства «Лесполь». На базе яго цяпер працуюць цэхі лясгаса. Прадпрыемства даўно няма, а «лесполь» застаўся – так называюць мясцовыя жыхары лясгасаўскую вытворчую тэрыторыю.
Буй закупіў шмат новай тэхнікі, прычым не толькі леса­нарыхтоўчай, а і лесагаспадарчай: пасадачныя машыны, плугі і бароны…
У пачатку 90-х сям’я Буй пераехала з Астраўца ў Гродна, дзе Аляксандр Іванавіч стаў гендырэктарам абласнога аб’яднання.

ВАДЗІЦЕЛЬ
IMG_0799.JPG

Бацька Аляксандра Леанід Назараў прыйшоў у лясную гас­падарку Астраўца вадзіцелем. Адслужыўшы ў арміі, мог вярнуцца ў Карэліцкі раён, толькі там яго чакала нежылая хата. І Леанід Сцяфанавіч паехаў услед за сяст­рой і маці на Астравеччыну.
Працаваў вадзіцелем ГАЗона, КамАЗа. Вазіў лес і дошкі. Ездзіў па ўсім тады вялікім Саюзе: у Кат­лоўцы выраблялі тарную дошчачку, якую адпраўлялі на Малдову, Украіну і іншыя краіны.
Пасля КамАЗа перасеў на пажарную машыну – вадзіцелем пажарна-хімічнай станцыі.
Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, з лясгасам не расстаў­ся: яшчэ 10 гадоў праца­ваў вар­таўніком.

МАЙСТАР ЛЕСУ
IMG_0791.JPG

Ганну Аляксандраўну Наза­раву (у дзявоцтве Чачотка), маці Аляксандра, размеркавалі ў Астра­вец пасля заканчэння інсты­тута імя Кірава. У дыпломе значыла­ся спецыяльнасць «лясная гаспадарка». Да слова, з кагорты «леснікоў» быў і брат Ганны, Пётр Аляксандравіч Чачотка, які працаваў у Гродзенскім абласным аб’яднан­ні.

Пачынала Ганна Аляксанд­раў­на  ў Гервяцкім лясніцт­ве майстрам лесу. Тут і пазнаёмілася з будучым мужам – Леанід вазіў лес, а яна яго «выпісвала».
Потым Ганна Аляксандраўна перайшла ў астравецкую кантору, дзе да пенсіі адпрацавала начальнікам планава-экана­мічнага аддзела.
Назаравы па першым часе жылі ў Бялькішках – тады гэта была невялікая вёска, да якой вяла вузкая, хоць і асфальтаваная дарога. Калі Буя «забралі на Гродна», вызвалілася яго кватэра ў Астраўцы, а тут падышла чарга Назаравых на лясгасаўскае жыллё, якое яны пазней выкупілі і дабудавалі.
За шматгадовую плённую працу Ганна Аляксандраўна ўзнага­роджана Ганаровымі граматамі і Падзякамі.
Справамі і навінамі роднага прад­прыемства жанчына ціка­віц­ца і сёння. Да таго ж вокны яе дома выходзяць на новы адмініст­ра­цый­ны будынак арганізацыі. Так што, можна сказаць, яна заўсёды побач з лясгасам.

ІНЖЫНЕР
Аляксандра Назарава з братам можна назваць дзецьмі лясгаса: двухкватэрны дом, у якім жыла сям’я, знаходзіўся побач са старым адміністрацыйным будынкам. Усё іх дзяцінства прайшло на тэхдвары, і амаль кожны дзень хлопцы забягалі ў кабінет да маці.
Жыццё сярод «леснікоў» наклала свой адбітак. Брат Аляксандра пасля школы таксама вырашыў звязаць лёс з лясной гаспадаркай, аднак не атрымалася. А вось Аляксандру ўдалося.
Выбар прыпаў на тэхналагічны ўніверсітэт, дзе была спецыяльнасць «эканоміка і ўпраўленне на прадпрыемствах ляснога комп­лексу», на выхадзе – інжынер-эканаміст. Толькі пакуль Аляксандр атрымаў дыплом, прайшла рэар­ганізацыя факультэтаў – і з уні­версітэта малады спецыя­ліст выйшаў эканамістам-мене­джарам.
Атрыманыя па лясной інжы­нерыі веды спатрэбіліся ў працы: Саша вярнуўся ў Астравец, дзе ўладкаваўся ў лясгас.
Пачынаў эканамістам па цэнах, быў інжынерам па забеспячэнні, цяпер – інжынер па якасці. Аляксандр Леанідавіч правярае не толькі якасць канчатковай прадукцыі піламатэрыялаў, але і нарыхтоўкі, штабелявання, сарціроўкі… Таму даволі часта замест ручкі бярэ ў рукі рулетку, а кабінет змяняе на лес.
IMG_0796.JPGГанну Назараву віншуе Стратонік Лях


БУХГАЛТАР
Студэнт 5 курса Аляксандр Назараў пазнаёміўся з будучай жонкай, якая вучылася на 2-м курсе гэтага ж універсітэта таго ж факультэта і пры тым па той жа спецыяльнасці, у інтэрнаце: Ірына Цудзіла жыла ў суседнім пакоі.
Дзяўчына пайшла ў тэхна­лагічны ўніверсітэт па прыкладзе старэйшай сястры, якая вучылася на тэхнолага. Толькі напрамак выбрала іншы.
Нягледзячы на тое што профіль быў матэматычны, шмат часу студэнты праводзілі ў лесе. Практыку група з 18-ці дзяўчат праходзіла разам з іншымі, «хлапцоўскімі», групамі факультэта лясной гас­падаркі: лес садзілі-секлі і праекты чарцілі, і сучча бензапілой абразалі… Ірыне падабалася на ўлонні прыроды, вучылася яна з задавальненнем. І спецыялістам выйшла з вну, як і Аляксандр, шырокага профілю.
…Маладыя людзі справілі вяселле. Яна засталася ў Мінску, ён паехаў у Астравец уладкоўвацца на работу.
Атрымаўшы дыплом, ураджэнка Брэстчыны, Ірына Назарава па­ехала за мужам, хоць размеркаванне было на Скі­дзель­шчыну. Пачынала інжынерам па ахове працы ў Астравецкім лясгасе. Пасля дэкрэтнага адпачынку вярнулася – аднак ужо ў планава-эканамічны аддзел эканамістам. Пасля Ірыну Іванаўну прызначылі выконваючым абавязкі галоў­нага бухгалтара, а потым зацвер­­дзілі на гэтым месцы. Па пры­знанні жанчыны, за амаль два дзеся­цігоддзі калектыў лясгаса і Астравец сталі для яе роднымі.

Разважанні ў тэму
Аляксандр Назараў:
– Астравец першых маіх працоўных гадоў і сёння – неба і зямля.
У лясгасе змянілася ўся тэхналогія вытворчасці. Я прыйшоў, калі нарыхтоўка была ручной, лесавозамі служылі пераробленыя «самапальна» «Уралы», ды і ўвогуле тэхніка была ў асноўным «самаробнай». Сёння ж спецтэхніка магутная – па 40 кубоў перавозіць. З’явілася харвестарная нарыхтоўка. У цэху стаялі дзве лесапільныя рамы, якія замянілі дзве высокавытворчыя лініі, плюс лінія сарціроўкі. І аб’ёмы цяпер іншыя, і ўмовы работы. Да прыкладу, вальшчыкам лесу, якія працавалі і ў дождж, і ў спёку, у дапамогу прыйшлі машыны з кандыцыянерамі.
Змяніўся і Астравец. Едзеш па вуліцах горада і ўспамінаеш: тут калісьці было гэта, а вунь там – тое, справа было балота, а злева – лес… Які Астравец падабаецца мне больш? Калі гаварыць пра сучаснасць, то ў горадзе ёсць усе магчымасці працаваць і адпачываць: хочаш – у басейн ідзі, хочаш – на каньках катацца. У дзяцінстве аб гэтым мы маглі толькі марыць і ў хакей гулялі проста на лужыне ў Бялькішках… А магазіны? Мы ўжо і забылі, як ездзілі закупляцца ў Смаргонь і ў сталіцу. Усё ёсць на месцы і ў крокавай дасягальнасці. Калі ж хочацца цішыні – можна прыкупіць хатку на хутары або ў вёсцы. Ці прагуляцца ў лес – адпачыць ад шуму.

Старэйшы сын Аляксандра і Ірыны ўжо вызначыўся з прафесіяй. І хоць бацькі прапаноўвалі яму прадоўжыць дынастыю астравецкіх лесаводаў Назаравых, выбраў іншы шлях. У малодшага ж яшчэ ёсць час, каб вызначыцца. Але яму вельмі падабаецца працаваць з дрэвам: нешта выпіліць, выразаць, выстругаць. Таму ёсць верагоднасць, што менавіта ён стане прадаўжальнікам сямейнай «лясной» справы.
 

Вольга Хацяновіч.
Фота аўтара і з архіва Назаравых