Дынастыя Германаў: 100 гадоў у лясной гаспадарцы Астравеччыны

Сёлета на адкрыцці Тыдня лесу дрэвы садзіў сямейны падрад Германаў. Упершыню ў пары з дзядулем Мікалаем працаваў унук-першакласнік Яраслаў. Хлопчык беражліва апускаў у спецыяльную трубу сеянец елкі і раз-пораз цікавіўся, ці хутка дрэўцы вырастуць. «Не паспееш і азірнуцца!» – падбадзёрваў дзядуля.
Хоць на абедзвюх руках не хопіць пальцаў, каб палічыць, колькі дрэў за жыццё пасадзілі Германы-старэйшыя.

Агульны стаж работы трох пакаленняў гэтай сям’і ў лясной гаспадарцы Астравеччыны дасягнуў векавога юбілею. На розных пасадах Мікалай Уладзіміравіч і Ніна Уладзіміраўна адпрацавалі па 38 гадоў, іх сын Руслан – 23, а ўнучка Карына напачатку жніўня запіша на свой рахунак першы год. Чым ні падстава, каб бліжэй пазнаёміцца з патомнымі лесаводамі і даведацца пра вытокі любові да справы, якая стала для іх сямейнай.

Полацк
Хто ведае, як склаўся б лёс рода­пачынальнікаў лясной дынастыі, калі б іх шляхі не перакрыжаваліся ў старажытным Полацку. Ніна – учарашняя школьніца, Коля – ужо паспеў крыху папрацаваць грузчыкам на станцыі Свіслач і адслужыць у арміі… Выбар абодвух на карысць ляснога тэхнікума быў невыпадковым.
– Бацька працаваў майстрам лесу ў Наварудскім лясніцтве каля 17 гадоў. Да нашай вёскі з усіх бакоў падступаюць лясы. Хадзіць у ягады і грыбы – мой любімы занятак з маленства, – гаворыць Ніна Уладзіміраўна.
– На выбар прафесіі паўплывала тое, што вырас у вёсцы Занкі Свіслацкага раёна. Куды ні кінь вокам – паўсюль лес, – далучыўся Мікалай Уладзіміравіч. – Тым больш старэйшы брат Іван скончыў Полацкі тэхнікум. Быў майстрам лесу, памочнікам ляснічага Ваўкавыскага лясніцтва.

Пацікавілася ў Мікалая Уладзіміравіча, як сярод дзясяткаў іншых дзяўчат ён разгледзеў сваю другую палавінку.
– Відаць, гэта лёс, – сціпла адказаў мужчына.
– Коля, – да размовы далучылася Ніна Уладзіміраўна, – скажы, што дзяўчат было шмат, але я выбраў толькі цябе, дарагая, бо ты самая-самая лепшая.
– Сама жонка ўсе тайны і раскрыла, – усміхнуўся, гледзячы на сваю палавінку, Мікалай Уладзіміравіч.
Гэту пяшчоту ў адносінах, якая нара­дзі­лася пры першым знаёмстве, Германы пранясуць праз усё жыццё, як і любоў да лесу.

Катлоўка
У 1976 годзе пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума абодвух размеркавалі ў Астравецкі лясгас. Пачыналі майстрамі лесу ў Катлоўцы.
– У лясніцтве быў трактар, 2 бензапілы, у ляснічага – матацыкл, – расказвае пра пачатак працоўнай дзейнасці Мікалай Уладзіміравіч. – Мой участак быў дальні. Штодзень даводзілася па 10-15 кіламетраў пешшу праходзіць у адзін бок. Але мы былі маладымі, энергічнымі – работа спорылася.
У Катлоўцы, дзе большасць мясцовых пра­цавалі ці ў лясніцтве, ці ў дрэва­апра­цоўчым цэху, Германы спачатку квата­равалі. Да гэтага часу Ніна Уладзі­мі­раўна доб­рым словам узгадвае гаспадыню, якая была ёй і за маму, і за сяброўку, і за настаў­ніцу.
– Удзячна Казіміры Альфонсаўне за парады, падказкі, дапамогу. А якія піражкі са шчаўем яна мяне навучыла пячы! – узгадвае жанчына. – Пасля нараджэння Руслана нам далі кватэру. Стала прасцей у бытавым плане.
Дзіцячага садка ў Катлоўцы не было, блі­жэйшы – у Трокеніках. Зімой дарогі замяталі, аўтобусы хадзілі з перабоямі.
– Падгадаваць Руслана да сябе ўзяла бабуля. Штотыдзень на выхадных спяшаліся ў Новую Руду. Бывала, ездзіла і адна, бо Колю прызначылі ляснічым Катлоўскага лясніцтва – не заўсёды атрымлівалася вырвацца. Калі не было граніц, едзіла туды праз Вільнюс – так бліжэй. Выходзіла на станцыі Парэчча і ішла 10 кіламетраў. У нядзелю ноччу ізноў столькі ж пешшу адольвала, бо ў 4 гадзіны раніцы адпраўляўся дызель, – працягвае Ніна Уладзіміраўна. – Хутка сына забралі. Амаль усе дзеці з Катлоўкі ў школу хадзілі ў суседнія Міцкуны.
Пасля ўзбуйнення калгасаў непрыдатныя для севазвароту землі перадавалі лясніцт­вам. Катлоўскае на той час было адным з буйнейшых: Быстрыца, Трокенікі, Варняны, Варона, Жарнэлі, Лынкішкі, Дубнікі – далёка не ўвесь пералік размешчаных на яго тэрыторыі населеных пунктаў.
– Напачатку 80-х, асабліва ў першыя тры гады, шмат лесу садзілі. Толькі ў нашым лясніцтве за год пасадкі праводзіліся на 100-120 гектарах пры плане па ўсім лясгасе ў 200-250. Самастойна такія аб’ёмы не адужалі б. Дапамагалі вяскоўцы (у многіх сенакосы былі ў лесе). Адгукаліся штогод і школы: Варнянская, Варонская, Трокеніцкая, Быстрыцкая. Для падвозу дзяцей лясгас выдзяляў аўтобус. Пасадачны матэрыял – сасёнкі, елачкі і бярозкі – бралі з лесагадавальніка. За работу людзям плацілі, – успамінае Мікалай Уладзіміравіч. – Цяпер гэта сапраўдныя лясы, якім больш за 40 гадоў. Доб­рым словам да гэтага часу ўзгадваю людзей, з якімі пачынаў працаваць: леснікоў Уладзіміра Мірановіча, Івана Заянчкоўскага, Уладзіміра Елісеева, Людвіка Шалкоўскага, Станіслава Казака, вальшчыка лесу Віктара Лукойця, Станіслава Шалкоўскага. На жаль, гэтых людзей ужо няма. Пазней да нас прыйшлі маладыя Мікалай Уласень і Сяргей Місевіч.
– У лясной гаспадарцы не было выпадковых людзей, – жанчына перахапіла нітачку размовы. – Усе, з кім працавалі ў Катлоўцы, з лясніцтва сыходзілі на пенсію.
Хоць на ўзбраенні ў сучасных лесаводаў з’явіліся новыя абсталяванне і тэхніка для барацьбы з пажарамі, але яны па-ранейшаму здараюцца. У большасці выпад­каў – з-за так званага чалавечага фактару.
– У сухое сонечнае надвор’е нікуды адлучыцца не мог, – працягвае Мікалай Уладзі­міравіч. – За гады работы ў Катлоўскім лясніцтве самы складаны пажар здарыўся на леспрамгасаўскай дзялянцы – была раней такая структура, асобная ад лясгаса. Яе працаўнікі палілі галлё, патушылі пасля сябе кастрышчы і са спакойным сэрцам раз’ехаліся па дамах. На выхадных узняўся моцны вецер – і пачаўся пажар. Тушылі з дапамогай лапат, сучча, агорвалі трактарам…
– Толькі пад раніцу Коля і астатнія хлопцы, стомленыя і знясіленыя, разышліся па дамах, – удакладняе Ніна Уладзіміраўна. – Агонь амаль не пашкодзіў лес, выгарэла толькі дзялянка.

Астравец
Неяк пры сустрэчы з Мікалаем Германам тагачасны дырэктар Аляксандр Буй зазначыў, што пара на павышэнне, хопіць у Катлоўцы сядзець.
– З 1990 года галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса. Аднаўленне лясоў, іх ахова ад незаконных высечак і пажараў – клопатаў хапала. Больш таго, трэба было шэфстваваць над 9-цю лясніцтвамі: працаваць не толькі з дакументацыяй і людзьмі, але і часта выязджаць у лес, – успамінае мужчына.
Праз два гады жонка з сынам далучыліся да Мікалая. На Стары Новы год Германы справілі наваселле ў доме, які ім выдзеліла кіраўніцтва лясгаса. Руслан перайшоў у астравецкую школу, а Ніна Уладзіміраўна стала працаваць эканамістам у лясгасе.
– У райцэнтры і яго ваколіцах не было месцаў для масавага адпачынку. У свой час давялося прыкласці нямала нама­ганняў па добраўпарадкаванні Янаў­скага вадасховішча і тэрыторыі вакол яго, – успамінае Мікалай Уладзіміравіч. – Калі ў 1998 годзе адкрылі рэспубліканскі заказнік «Сара­чанскія азёры», працавалі і там. Пракладвалі экалагічныя сцяжыны, ства­ралі месцы адпачынку пад кіраўніцтвам ляснічага Спондаўскага лясніцтва Войцеха Лукашэвіча. Тады была пабудавана сцэна ў выглядзе парусніка з месцамі для гледачоў. Радуе, што цяпер «Сарачанскія азёры»  – адна з візітных картак Астравеччыны.

Запомніўся Германам і буралом, які здарыўся на Астравеччыне ў 1999 годзе. На яго ліквідацыі былі задзейнічаны ўсе лясніцтвы, многія арганізацыі і калгасы нашага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў. Цяпер на гэтым месцы красуецца лес. Стварэнне лесагадавальніка, вальернай гаспадаркі, арганізацыя паляўнічых тураў для замежных гасцей – усё гэта адбывалася пры непасрэдным удзеле Германаў.
– Я паляўнічы з 40-гадовым стажам. Даво­дзілася здабываць і лася, і ваўка, але больш – кабаноў. Праўда, пасля аднаго выпадку, які здарыўся гадоў 5 назад, з ружжом развітаўся назаўсёды, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Палявалі на казулю. Стрэліў, але з першага разу не забіў. У вачах жывёліны ўбачыў слёзы – яна плакала, як чалавек. Пасля гэтага ад палявання як адрэзала.
– Усё  жыццё мы адпрацавалі ў адной галіне. Ганарымся, што выбралі такую высакародную прафесію. У 2014 годзе пайшлі на заслужаны адпачынак, але сувязі з лясгасам ніколі не парывалі. Цікавімся навінамі і сочым за развіццём лясной гаспадаркі. Ды і самыя знакавыя ўспаміны звязаны з лесам. Памятаеш, Коля, як сядзелі на беразе возера Бык? Прыгажосць, словамі не перадаць, –  жанчына звярнулася да мужа.
– А цецеруковы ток у Катлоўцы? – падхапіў мужчына.
– Раніца, з-за небасхілу выпаўзае лянівае сонца, а птушкі – дзясяткі два – хто на верхавіны сасёнак сядае, хто па зямлі хо­дзіць, хвост распушыўшы, – апісвае карці­ну суразмоўца. – А грыбы, а ягады. Асабліва любіла збіраць журавіны па купінках…
Мікалай і Ніна, хоць і на пенсіі, але падпрацоўваюць. У вольны час мужчына збірае прадметы даўніны, захапляецца народнай медыцынай, а жанчына вырошчвае кветкі і займаецца агародам. Тым больш ля дома работа заўсёды знойдзецца.
На развітанне запытала ў Германаў, што кожны з іх адчувае з нагоды, што і сын, і ўнучка выбралі лясную гаспадарку.
– Калісьці казаў сыну, што ні жонку, ні работу дапамагаць выбіраць не буду, каб пазней не крыўдаваў. Руслан не памыліўся. З Людмілай яны падарылі нам траіх унукаў, – сказаў галава сям’і.
А Ніна Уладзіміраўна дадала:
– Мы ганарымся дзецьмі. Шчаслівыя, што Карына выбрала лясную гаспадарку. Наша жыццё прайшло не дарма.

З першых вуснаў
Унучка Карына: 
– Першае дрэва я пасадзіла ў гадоў 6-7. З дзяцінства бачыла, з якой любоўю да лесу адносяцца мае блізкія. Тата часта браў мяне і Кірыла з сабой туды. Летась скончыла інжынерна-эканамічны факультэт БДТУ. Працую ў лясгасе інжынерам па аўтаматызаванай сістэме кіравання вытворчасцю.

Сын Руслан: 
– У мяне і асабліва выбару іншага не было, акрамя лясной гаспадаркі. (Усміхаецца.) Пасля тэхналагічнага інстытута вярнуўся на радзіму, з таго часу працую ў лясгасе. У апошнія гады – начальнікам лесапункта.

…Думаецца, што для дынастыі Германаў 100 гадоў агульнага стажу ў лясной гаспадарцы Астравеччыны – далёка не мяжа! Хто ведае, магчыма праз шмат гадоў і Яраслаў, які пакуль пазнае свет і якому яшчэ рана задумвацца пра прафесію, прывядзе за руку свайго ўнука ў лес, які калісьці садзіў з дзядулем і бабуляй…

Алёна Гануліч.

Фота з сямейнага архіва герояў.