Матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі атрымала вязень канцлагера Ніна Мілідовіч
У нашай краіне гэта стала добрай традыцыяй. Сёлета ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і яе ахвяры, вязні канцлагераў атрымаюць матэрыяльную дапамогу, памер якой у юбілейны год значна павялічаны, з 25 красавіка па 4 мая. Першай на Астравеччыне яе ўручылі Ніне Іларыёнаўне Мілідовіч.
У гасцінны дом гэтай жанчыны і яе мужа завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Куцько і загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму гэтай установы Вольга Альфер, начальнік аддзялення паштовай сувязі “Астравец-1” Вольга Пярко і актывісты БРСМ з гімназіі №1 г.Астраўца.
– Сёння мы да вас завіталі з добрай місіяй і рады бачыць вас, Ніна Іларыёнаўна, бадзёрай і ў добрым настроі, – сказаў Генадзь Бычко. – Вы нарадзіліся ў Германіі, на чужыне, але ўсё сваё жыццё прысвяцілі школе і дзецям. Для падрастаючага пакалення вы прыклад інтэлігентнасці, працавітасці і жыццялюбства.
Кветкі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, віншаванні і паветраныя шары ад школьнікаў, пажаданні здароўя і доўгіх гадоў жыцця ад гасцей расчулілі жанчыну.
– Удзячна вам, дзяржаве і Прэзідэнту, што ніколі не забываеце пра дзяцей вайны. Частымі гасцямі ў нашым доме бываюць і школьнікі. Хоць з гадамі здароўе ўжо не тое, але настрой баявы. Хутка ж свята Вялікай Перамогі, а потым і Дзень Незалежнасці! – аптымістычна сказала Ніна Іларыёнаўна.
Матэрыяльную дапамогу да 9 Мая абавязкова ўручаць і астатнім вязням канцлагера, якія пражываюць на Астравеччыне.