Працоўны стаж сям’і Бучынскіх у сельскай гаспадарцы раёна складае звыш 170 гадоў

Ва ўсе часы ў жыцці чалавека самымі галоўнымі і значнымі застаюцца сям’я, дом, дзеці. А калі гэта не проста сям’я, а працоўная дынастыя, дзе з пакалення ў пакаленне перадаюцца любоў да роднай зямлі, абранай справы, то яны становяцца сямейнай традыцыяй. У сельскай гаспадарцы раёна – не адна дынастыя аграрыяў. Менавіта на іх і трымаецца аграпрамысловы комплекс.

У сённяшнім выпуску праекта “Сямейная справа” пойдзе гаворка пра тры пакаленні з сям’і Бучынскіх, агульны стаж работы якіх у КСУП “Гервяты” складае звыш 170 гадоў.

Пачынальнікі. Гелюны

У невялікай вёсачцы Гелюны без малога 60 гадоў разам жывуць Рамуальд Ізыдоравіч-Лаймуціс і Марыя Станіславаўна Бучынскія. Менавіта з іх і пачалася дынастыя гервяцкіх аграрыяў.

– Нарадзілася ў Сакалойцях – да маёй вёскі напрасткі два кіламетры. Хацела ў Ашмянах за бухгалтара вывучыцца. Калі трэба было ехаць здаваць экзамены, моцна захварэла. Трэба было працаваць, таму з думкамі пра вучобу развіталася назаўсёды. З 14 гадоў пайшла ў калгас. Праўда, у працоўнай кніжцы пазначана, што з 16-ці. Старшыня Шыманаў прызначыў мяне падлікоўцам: мерала зямлю. У Пугавічах на танцах – раней яны па хатах ладзіліся – пазнаёмілася з Ромам. У 1965 годзе як прыйшла пасля замужжа ў гэтую хату, так і засталася.

Па ўспамінах Марыі Станіславаўны, раней было цяжэй жыць, але весялей – і радаваліся, і гаравалі, і працавалі вяскоўцы разам. З іншымі гелюнскімі жанчынамі Марыя працавала на палявых: рвала і падымала лён, аполвала буракі, выкідвала гной на ферме.

– Шмат кабет збіралася штораніцы. У першы год, калі прыйшла сюды, ячшэ сярпом жыта ў полі жалі. Ячмень мужыкі касілі, а мы ішлі ззаду, падымалі і ставілі ў снапкі. За працай свету белага не бачылі, але ўсе так жылі, – успамінае жанчына. – Са старшынёй калгаса Дарафеем усё жыццё адпрацавала. Людскі ён быў: нікога не наказваў, нікому не адмаўляў і прэміраваў да свята. Штогод атрымлівала граматы і падарункі.

У доказ сваіх слоў ветэран працы дастала з шафы вымпел па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва за датэрміновае выкананне народнагаспадарчага плана за 1974 год.

– Нарадзіла аднаго сына, але ў дэкрэтным, як зараз, ніводнага дня не сядзела, – працягвае Марыя Станіславаўна. – Жылі са свёкрамі, мама ўжо слабенькая была. Падыходзіць чарга пасвіць кароў. Хто пойдзе, калі не я? Мужу на работу трэба, бацькі ў хаце з малым. Не хацела прапускаць работу. Каб у мяне быў “выхад”, а не пусты дзень, працавала да позняга вечара. Некалькі гадзін пасплю і зранку ганю вясковых кароў на пашу.

Жанчына прызнаецца, што ў хатніх і працоўных клопатах жыццё праляцела неўпрыкмет.

– Пасля выхаду на заслужаны адпачынак, яшчэ некалькі гадоў працавала. Брыгадзірка наша, Галя Штурліс, смеючыся, казала: “Вы, Бучынскія, гарачыя да работы. Але што гэта я ўсё пра сябе. Дзядуля, твая чарга, – Марыя Станіславаўна з пяшчотай паглядзела на мужа.

– Да арміі быў прычэпшчыкам, – перахапіў нітачку размовы Рамуальд Ізыдыдоравіч-Лаймуціс. – Як вярнуўся, узялі мяне ў меліярацыю. Спачатку прызначылі памочнікам экскаватаршчыка, потым адправілі падвучыцца ў Ашмяны. Па ўсім раёне “асушку” зямель праводзілі. У 1975 годзе перайшоў у калгас “Рассвет”, які пазней далучылі да “Радзімы Родины”. Усё жыццё на “гусеніку”. І араў, і аміяк уносіў, і сеяў – усе палявыя работы ведаю.

Асабліва ў памяць мужчыне ўрэзаўся выпадак, калі трэба было перасяваць буракі.

– Неяк прыехала аграномка Марыя Іванаўна Дыдышка і просіць: “Выручай, Ізыдоравіч, буракі дрэнна абышлі. Трэба перасяваць”. Трэба – значыць трэба. Назаўтра ў 4 раніцы прачнуўся, завёў трактар і паехаў. Пакуль сеялка прыйшла, у мяне поле – 11 гектараў – ужо падрыхтаванае. Цяпер, кажуць, такія агрэгаты, што за адзін праход і культывуюць, і угнаенні ўносяць, і насенне прыкрываюць. А даўней глебу ў два сляды апрацоўвалі, потым ішоў маленькі трактар з цяжкімі каткамі. Толькі пасля гэтага можна было сеяць. Цяпер толькі дзіву даешся, якая тэхніка ў калгасе! – зазначыў ветэран працы.

На развітанне Бучынскія паказалі свае працоўныя кніжкі. Стаж Рамуальда Ізыдоравіча-Лаймуціса складае 42 гады 5 месяцаў і 7 дзён, а Марыі Станіславаўны – 37 гадоў 3 месяцы і 5 дзён.

Прадаўжальнікі. Рымдзюны

Бог даў Бучынскім толькі адно дзіцятка. Чэська рос спрытным і дапытлівым хлапчуком. І быў першым бацькавым памочнікам, калі той рамантаваў трактар. Падаць ключ ці патрымаць запчастку – хлопчык тут як тут. Не дзіва, што з выбарам прафесіі пакутаваць хлопцу не давялося. У Вільнюсе (большасць тагачаснай моладзі гервяцкага краю ехала вучыцца менавіта туды) атрымаў спецыяльнасць механізатара і вярнуўся на Радзіму. Тут сустрэў другую палавінку Людмілу.

Пасля шлюбу маладыя жылі з мужавымі бацькамі ў Гелюнах. У 2004 годзе праўленне СВК “Гервяты” выдзеліла ім калгасны дом у Рымдзюнах, куды і пераехалі Бучынскія, у якіх на той час ужо былі дзве дачушкі – Алена і Рымма.

Часлаў Рамуальдавіч з 1992 года і па гэты час працуе ў гервяцкай гаспадарцы. З 2009 года – слесарам на комплексе па дарошчванні адкорме буйной рагатай жывёлы. Людміла Браніславаўна таксама ўсё жыццё ў сельскай галіне: у розны час была падгоншчыкам жывёлы на малочна-таварным комплексе “Рымдзюны”, прыбіральшчыкам, а апошнія гады – вартаўнік на механічна-рамонтных майстэрнях.

Дочкі Бучынскіх хоць і не выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі, але працуюць у аграпрамысловым комплексе. Алена спецыяліст па ахове працы і пажарнай бяспецы ў КСУП “Гервяты”. Рымма ажыццявіла бабуліну мару: стала бухгалтарам – зводзіць дэбет з крэдытам у адным са смаргонскіх сельгаспрадпрыемстваў.

Маладое пакаленне. Гервяты

Алена Лотах (у дзявоцтве Бучынская) са школьнай парты хацела стаць аграномам. Ёй падабалася назіраць за ўборкай у полі, а калі праз вёску ішлі камбайны – займала дух.

Пасля 11 класа дзяўчына добра здала цэнтралізаванае тэсціраванне і па балах праходзіла на агранамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Але ў апошні момант бабуля адгаварыла ўнучку, маўляў, і ў спёку, і ў дождж, будзеш у гумовіках на полі таптаць глебу – не жаночая гэта справа.

– Стрыечная сястра вучылася на юрыста. Мне гэтая прафесія падалася цікавай і перспектыўнай, таму паступіла ў гандлёва-эканамічны каледж Белкаапсаюза ў Маладзечне. Першае працоўнае месца шукала самастойна. Звярнулася да тагачаснага старшыні СВК “Гервяты” Аляксандра Габрукевіча. Мяне аформілі ў эканамічны аддзел. З дапамогай спецыяльнай праграмы і навітара кантралявала расход паліва. Удзячна за падказкі галоўнаму бухгалтару Гэлене Валэйцы, эканамісту Ганне Махнач. Праз месяц-два пачалося жніво, і мяне, можна сказаць, кінулі на перадавую – на зернесклад у Рымдзюнах, – расказвае Алена.

Маладая жанчына прызнаецца, што гэта быў час, хоць і напружаны, але цікавы. Аднойчы давялося дзяжурыць да 2 гадзін ночы, пакуль на склад не прывезлі апошнюю партыю зерня.

– Потым працавала ў кафэ КСУП “Гервяты” бармэнам, падмяняла работніка, – але гэта не маё. Блізкім і цікавым быў досвед у аддзеле кадраў, – расказвае пра работу ў гаспадарцы Алена. – У 2018 годзе дырэктар Ігар Жданаў вырашыў перавесці мяне ў спецыялісты па ахове працы. Перажывала і нервавалася, алё ён сказаў, як адрэзаў: “Я цябе ведаю не першы год. Справішся”.

Напачатку было складана ўнікнуць ва ўсе нюансы, але дапамагалі вопытныя калегі – іх можна было звярнуцца за парадай у любы момант.

– З другім інжынерам – Станіславам Вяржынскім не падзяляем абавязкаў: распрацоўваем інструкцыі, выдаём спецвопратку і абутак, вядзём журналы, робім улікі і многае іншае, – зазначае Алена Лотах і крыху расказвае пра сваю сям’ю:

– Муж працуе на сельгаспрадпрыемстве слесарам па рамонце машын і абсталявання. Некалькі гадоў назад атрымалі ад гаспадаркі жыллё. КСУП “Гервяты” вельмі дапамог з рамонтам: замянілі вокны, падлогу, зрабілі ацяпленне, устанавілі сантэхніку і газавую пліту. Хоць з мужам перажывалі розныя перыяды, як многія сямейныя пары, але ўсё адно мы разам. Гадуем сына Дзіму і дачку Дарыну. Атрымала вышэйшую адукацыю і, лічу, займаюся любімай справай. Вокны майго кабінета выходзяць на пляцоўку, дзе падчас уборкі выстройваюцца камбайны перад выхадам у поле. Ведаеце, па-ранейшаму гляджу на іх з захапленнем, як і ў дзяцінстве, і з невялікай зайздрасцю. Таксама з задавальненнем убірала б ураджай! Дарэчы, сястра Рымма адно лета была памочнікам камбайнера… Хто ведае, магчыма, сын ці дачка ажыццявяць маю мару стаць аграномам і прадоўжаць нашу дынастыю.


Алёна Ганулич.