Вандруем з прафсаюзам: у Альберцін на матацыкле

Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад дальніх паездак ці мясцовых турыстычных паходаў. А месцаў, пра якія мы не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат.Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!

Загадкавы Альберцін з-пад Слоніма

Выбіраць маршруты і месцы, куды паехаць, можна, абапіраючыся на розныя моманты: добрую дарогу; іншыя славутасці, якія могуць сустракацца на шляху; кіламетраж або цікавую перадгісторыю. Пачуўшы “Мы паедзем паглядзець на Альберцін”, я нават не спытала, што гэта і дзе знаходзіцца, – настолькі прыгожай, незвычайнай і загадкавай мне падалася назва гістарычнага аб’екта. І толькі ўжо перад выездам даведалася, што гэта сядзіба, якая знаходзіцца на Слонімшчыне. Ну што ж, спадзяюся, прыехаўшы туды, адчуць такое ж здзіўленне ад месца, як ад яго назвы…

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Сядзіба Альберцін належала роду Пуслоўскіх і з’яўляецца помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры. Гэта целы комплекс, пабудаваны ў першай палове 19 стагоддзя.

Войцех Пуслоўскі меў трох сыноў – Альберта, Ціта і Магдаліна. Але больш за ўсіх любіў менавіта Альберта, які загінуў пры невядомых абставінах. Адна з версій – выпадкова патануў у возеры непадалёк. У гонар яго і была перайменавана сядзіба, якая да таго часу называлася Юрзнікі. Да слова, такую ж назву мае і возера, дзе, магчыма, загінуў Альберт.

У 1870-х гадах Пуслоўскі трапіў у няласку ўлад – і комплекс стаў Александрынскам. Назву Альберцін яму вярнулі толькі ў 1920-х.

ТРЫ ПАЛАЦЫ І ВОЗЕРА

Ад “гістарычнай” агароджы, за якой адкрываецца цудоўны, зарослы высокімі дрэвамі парк, засталіся толькі ўязныя вароты. Праехаць туды немагчыма, таму матацыклы пакідаем непадалёк.

Да трох палацаў, якія ўваходзілі ў сядзібны комплекс, вядзе шырокая брукаваная дарожка – магчыма, калісьці пад’язная. Цікавае ўражанне складваецца, калі ідзеш па ёй: здаецца, з кожным крокам паглыбляешся ў асабістыя і ў той жа час трагічныя моманты жыцця (тут ехаў, тут жыў, тут бавіў час і прымаў гасцей…) аднаго з самых вядомых і багатых людзей таго часу – першага, як яго лічаць, беларускага прадпрымальніка Пуслоўскага.

Сёння паглядзець можна толькі на два будынкі сядзібы, Летні палац да нашых часоў не захаваўся.

Гаспадарчыя пабудовы даўно сталі жылымі дамамі.

На беразе возера Альберцін любяць адпачываць мясцовыя жыхары. У асноўным шматлюдна тут у выхадныя дні. А ў будні яго прыцягальную сілу могуць адчуць аматары цішы і прыроды.

ВЯЛІКІ І СВЯТОЧНЫ

Першы і самы вялікі Святочны палац, ён жа сядзібны дом, дзе некалі Пуслоўскія давалі балі, быў перабудаваны. Ёсць меркаванне, што яму пашанцавала не быць разбураным толькі таму, што тут у савецкія часы месцілася бальніца. Савецкім часам “павявае” і ад чатырох вялікіх калон на ўваходзе, і ад прамавугольных вокнаў, і нават ад франтона над вялікім балконам другога паверха. Звяртаюць на сябе ўвагу скульптуры львоў з абодвух бакоў шырокай уваходнай лесвіцы. Вытанчанасці і святочнасці будынку дабаўляюць вялізныя вазы, падобныя да грэчаскіх.

Сёння тут знаходзіцца маладзёжны цэнтр адпачынку, бібліятэка і Дом культуры.

І ЗІМОЙ, І ЛЕТАМ

Час і людзі амаль не кранулі Зімні палац, ён жа флігель, – будынак захаваў першапачатковы выгляд. Там толькі, як нам падказалі мясцовыя, былі перагародкі паміж пакоямі. На жаль, трапіць унутр мы не змаглі, але пацвярджэнне сказанаму ўбачылі праз вокны: першым павер будынка – адна вялікая спартыўная зала. Цяпер тут спартыўны клуб.

Маё ўражанне супала са здзіўленнем нашай мотокаманды: флігель падаўся больш прыгожым і арыгінальным за галоўны будынак. Адна толькі ляпніна, нанесеныя на сцены выявы спартсменаў, невялікія акенцы другога паверха з паўкруглымі акуратнымі аркамі чаго каштуюць!

Пры Саветах каля флігеля, які, напомню, ужо тады стаў спартыўным аб’ектам, з’явілася вялікая скульптура спартсмена. Яе называюць мясцовым супермэнам. Мужны выгляд і каляровая спартыўная форма, сапраўды, робяць яго падобным да ”кіношнага” героя.

І КАНЮШНЯ НІБЫ ПАЛАЦ

Будынак з чырвонай цэглы ўражвае – мы былі ўпэўнены, што менавіта ён і будзе асноўнай сядзібай: выкананая з чырвонай цэглы, у арнаментным “стылі” канюшня выглядае не проста прыгожа – яна зачароўвае. Аднак, мабыць, знайсці гэтаму вялікаму, хоць і прыгожаму, будынку, якому патрэбна была рэстаўрацыя, прымяненне, было складана. Таму некалькі гадоў назад яго выставілі на аўкцыён. Цяпер тут турыстычны аб’ект – рэстаран і гасцініца.

ЦІВАВА ВЕДАЦЬ

– Лічыцца, што, калі прапаў сын Пуслоўскага, ён меў пры сабе шмат каштоўнасцяў – іх і сёння ў берагавой зоне возера спрабуюць знайсці скарбашукальнікі.

– Каля Альберціна існавала некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, якія выраблялі шоўк, сукно, запалкі, цвікі, паперу і кардон. Тут ткалі дываны, лілі чыгун, “ляпілі” цэглу…

– Пуслоўскім належалі таксама фальварак у Старых Пясках і Косаўскі палац.

– Пуслоўскія выехалі ў Англію ў 30-х гадах 20 стагоддзя і вывезлі з сабой усе каштоўнасці.

ЯК ДАЕХАЦЬ

Знаходзіцца Альберцін у 4-х кіламетрах ад Слоніма.

Каардынаты:53.082714, 25.390571.

РОЗДУМ УСЛЫХ

Чаго мне не хапіла пры наведванні Альберціна, дык гэта магчымасці зайсці ў будынкі – менавіта праходзячы па пакоях неперабудаваных палацаў адчуваеш подых гісторыі, лепш разумееш уклад і “моду” таго.

Магчыма, людзі, якія там працуюць або праводзяць мерапрыемствы, змаглі б расказаць пра гэтую гістарычную каштоўнасць нашмат больш, чым мы даведаліся самі.

…Але і без гэтага паездка адбылася – бо не розумам, а душой, мне здаецца, мы зразумелі: вось яна, цікавая і вялікая наша агульная, цікавая і павучальная, гісторыя.




Вольга Хацяновіч,
спецыяліст по сувязях з грамадствам.