За хороших сыновей – благодарность матерям

У раённым камісарыяце стала добрай традыцыяй віншаванне з Днём маці. У гэтым годзе сюды таксама запрасілі жанчын, чые сыны годна зарэкамендавалі сябе ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Яны сядзелі ў актавай зале. Прыгожыя, радасныя, знешне спакойныя і ўзрушаныя ў душы. Гэта і нядзіўна: жанчын запрасілі, каб падзякаваць за іх родных крывіначак – сыноў, што нясуць службу ў арміі.

Наталля Круглікава і Ганна Ханевіч знаёмы даўно: іх дзеці хадзілі ў адзін дзіцячы садок, вучыліся ў адным класе, а зараз абое служаць у 1146-м гвардзейскім зенітным ракетным палку. Нават на тэлефанаванне з вайсковай часці жанчыны адрэагавалі аднолькава, адразу спыталі: “Што здарылася?” І толькі пачуўшы запрашэнне на ўрачыстасць, уздыхнулі радасна.

Сын Наталлі Скачковай служыць у вайсковай часці 7434. І падчас мерапрыемства, калі гучалі пажаданні і падзяка за годных сыноў выхаванне, з твару жанчыны не сыходзіла лёгкая ўсхваляванасць, а ў вачах не-не ды блішчэла слязінка.

Кранальных слоў было сказана шмат. З Днём маці жанчын віншавалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, ваенны камісар раёна Дзмітрый Багуслаўскі, намеснік камандзіра 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка Аляксандр Страковіч. Кожны з іх дзякаваў за такую складаную і ў той жа час самую найлепшую работу – быць мамай, заўважаючы, што дасягненні і ўзнагароды дзяцей – гэта плён выхавання бацькоў.

У пацвярджэнне гэтых слоў Аляксандр Страковіч ад імя камандавання 1146-га гвардзейскага зенітнага ракетнага палка ўручыў Наталлі Круглікавай і Ганне Ханевіч Падзячныя лісты за добрых сыноў, сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Айчыны.

Па сур’ёзнай прычыне мерапрыемства не змаглі наведаць прадстаўнікі вайсковай часці 7434, але віншаванне і падзяку Наталлі Скачковай ад іх імя перадаў начальнік групы прызыву райваенкамата Рыгор Дземідовіч.

А затым надышоў самы эмацыянальны і кранальны момант: па чарзе ў актавую залу з кветкамі зайшлі Максім Скачкоў, Канстанцін Ханевіч і Дзяніс Круглікаў. Сыны абдымалі расчуленных да слёз маці і ціха шапталі ім: “Віншую, мама! Я цябе вельмі-вельмі і моцна-моцна люблю!”

Наталля Круглікава:

– Была на працы, калі патэлефанавалі з вайсковай часці і спачатку вельмі спалохалася, бо да гэтага адтуль ніхто ніколі не званіў. Пачуць столькі добрых слоў пра сына – для любой маці найвялікшыя гонар і радасць. Дарэчы, менавіта 14 кастрычніка 23 гады назад у 6 гадзін раніцы я нарадзіла Дзяніса. Памятаю, як усе тады казалі, што гэта найлепшы падарунак. (Усміхаецца.) Таму ў нашай сям’і Дзень маці – падвоенае радаснае свята.

Ганна Ханевіч:

– Памятаю, калі сыну прыйшла павестка ў армію, адразу перажывала – любая маці хвалюецца за сваё дзіця. І калі сёння Косцю адзначылі як аднаго з лепшых, калі мне ўручылі Падзячны ліст – эмоцыі зашкальвалі, словамі іх не перадаць.

Канстанцін Ханевіч:

– Бацькі – галоўныя людзі ў жыцці. У арміі я асабліва зразумеў, як неабходна іх падтрымка. Мама ў мяне самая цудоўная! Яна выдатна спалучае ў сабе прыгажосць, пяшчоту, смеласць і мужнасць. Усім маці жадаю, каб у іх раслі добрыя дзеці, а сыны, калі патрэбна, засцерагалі ад усяго дрэннага.



Марина Мацкевич.