Жыхары Астравеччыны расказалі, ці ўдзельнічаюць у суботніку
Вольга Валэйка, культарганізатар:
– Вырашылі не чакаць суботы і ўжо пачалі наводзіць парадак ля нашага клуба. Дрэвы пабялілі, клумбы сёння даполваю: адцвітуць цюльпаны, пасадзім геаргіны. Хочацца, каб было прыгожа, каб аднавяскоўцы гэтым цешыліся.
У культуру прыйшла з сельскай гаспадаркі. Калі працавала на малочна-таварнай ферме, санітарныя дні мы ладзілі штотыдзень: бялілі клеткі і сцены, чысцілі кармушкі. Падчас суботніка ў асноўным наводзілі парадак на тэрыторыі.
Зоя Кавалёнак, галоўны бухгалтар:
– Лічу, што суботнікі – патрэбная і добрая справа, але ўсеагульную ўборку, на маю думку, на прадпрыемствах і ў арганізацыях можна ладзіць і часцей.
Дарэчы, у нашым КСУПе так і робім. На мінулым тыдні са сваім намеснікам дапамагалі паляводам збіраць камяні на полі ля Каценавіч, усёй канторай чысцілі тэрыторыю каля малочна-таварнага комплексу “Маркуны”.
У асноўны дзень парадак будзем наводзіць на ўсіх вытворчых аб’ектах: ля адміністрацыйнага будынка, фермаў, рамонтна-механічных майстэрань.
Таццяна Кунінгель, кветкавод:
– У нас суботнік кожны дзень. (Усміхаецца.) Тэрыторыя дастаткова вялікая, шмат клумбаў, таму хочацца як мага хутчэй зрабіць іх прыгожымі. Цяпер, напрыклад, аполваем і падкормліваем цюльпаны.
Думаю, што суботнікі патрэбны: людзі не толькі зробяць добрую справу на карысць горада, але і задумаюцца пра тое, якая нялёгкая праца ў работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Галіна Лукшо, пенсіянерка:
– Суботнікі засталіся нам у спадчыну з часоў Савецкага Саюза. Лічу, што гэта добрая і патрэбная справа. Дзякуючы такой сумеснай працы на карысць грамадства і дзяржавы не толькі прыгажэюць нашы населеныя пункты і горад, але і згуртоўваюцца калектывы.
Я ўсё жыццё адпрацавала на заводзе “Радыёдэталь”. За намі была замацавана тэрыторыя сквера ля лазні, на ўборку якога выходзілі ўсе разам – хто з граблямі, хто з венікам. Аднаго разу, прыбіраючы, заўважыла, што згубіла залатую завушніцу. Вельмі знервалася, але праз некаторы час калега яе адшукала на тратуары.